ФІЛАСО́ФІЯ ПАЛІ́ТЫКІ,
адзін з раздзелаў філасофіі, які даследуе фундаментальныя праблемы палітыкі, законы паліт. развіцця грамадства, прынцыпы функцыянавання ўлады, адносіны паміж яе суб’ектамі і аб’ектамі, яе ўзаемаадносіны з грамадствам. Тэрмінам «Ф.п.» карыстаюцца таксама для абазначэння паліт. поглядаў асобы, партыі, класа і інш. (напр.: «Ф.п. кабінета торы», «Ф.п. новага пакалення» і інш.).
Узнікла ў ант. часы ў Еўропе і Стараж. Кітаі як роздум філосафаў аб чалавеку і свеце, уладзе, справядлівасці, няроўных адносінах паміж людзьмі і з’яўлялася адначасова аналізам, павучаннем і маральнай пропаведдзю. Аўтарамі найб. ранніх філас. прац пра палітыку былі Платон і Арыстоцель. У эпоху Адраджэння і ў Новы час распрацаваны філас. тэорыі ўлады і дзяржавы, канцэпцыі паліт. канфліктаў і рэвалюцый, раздзялення маралі і палітыкі (Н.Макіявелі), натуральных правоў (Т.Гобс, Дж.Лок, Б.Спіноза), раздзялення ўлад, грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы (Дж.Лок, Ш.Мантэск’ё), асн. кірункі паліт. ідэалогіі — лібералізм і кансерватызм. Ням. класічная філасофія даследавала этнічныя асновы права і дзяржавы (І.Кант) і ў цэлым філасофіі права (Г.Гегель).
Сучасная Ф.п., у працяг класічных традыцый, увяла ў паліт. ўжытак вывучэнне праблем сац.-эканам. развіцця соцыумаў, палітыка-прагнастычныя тэорыі, сістэматызацыю паліт. ведаў, але асновай застаюцца эмпірычныя веды, іх абагульненне і выкарыстанне ў паліт. практыцы. Яна ўзаемадзейнічае з паліт. сацыялогіяй, псіхалогіяй і інш. навук. дысцыплінамі. Умоўна Ф.п. падзяляюць на палітычную анталогію (вучэнне аб паліт. жыцці, прыродзе і сутнасці паліт. сусвету), палітычную антрапалогію (вывучае спецыфіку паліт. творчасці асобы ў параўнанні з яго сацыяльнай дзейнасцю), палітычную эпістэмалогію (аналізуе суадносіны рацыянальнага і ірацыянальнага ў палітыцы), палітычную праксеалогію (вывучае асн. заканамернасці палітыкі), палітычную аксіялогію (вывучае паліт. каштоўнасці філас.-паліт. асновы грамадства), палітычную ідэалогію (абгрунтоўвае месца розных сац. груп у паліт. сістэме грамадства).
Літ.:
Гобозов И.А. Философия политики. М., 1998;
Котляров И.В. Политическая социология. Мн., 1998.
І.В.Катляроў.
т. 16, с. 387